ВЕРХНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, у Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, уздоўж р. Нёман ад г. Стоўбцы да г. Гродна. Мяжуе на Пн з Сярэднянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на ПнУ з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на У і ПдУ з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на Пд і З з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі Паўд.-Зах. адгалінавання Бел. грады (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Працягнулася з З на У на 160 км, з Пн на Пд ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на У да 94 м на З.

Верхнянёманская нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву. Крышт. фундамент перакрыты адкладамі верхняга пратэразою, мелу, палеагену, неагену і антрапагену. Магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў пераважна 70—120 м, у ледавіковых лагчынах да 180—200 м, найб. развіты ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, адклады александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў. У ледавіковыя эпохі на Верхнянёманскай нізіне існавалі вял. прыледавіковыя азёры. У час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора.

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы выш. да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найб. выразныя 2 узроўні — выш. 4—9 м і 8—12 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія і цэментныя гліны, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. ад -5,1 °C на З да -6,5 °C на У, ліп. 17,7—18 °C, ападкаў 540—613 мм за год. Гал. рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра і інш. (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. (злева). Найб. воз. Кромань. Глебы дзярнова-слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя ў спалучэнні з тарфяна-балотнымі і поймава-лугавымі. Верхнянёманская нізіна ў межах падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У поймах алешнікі і хмызняковыя зараснікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі ўчасткамі. На тэр. Верхнянёманскай нізіны біял. заказнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.

В.Р.Сінякова.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)